Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Цэрквы

У ХІХ ст. Індычы — сяло ў Жыцінскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, адносілася да маёнтка Пелішча, уласнасці Лышчынскіх. У 1800 г. у Індычах мясцовым землеўласнікам Фамой Кашыеўскім была пабудавана невялікая драўляная ўніяцкая царква Пакрова Багародзіцы са званіцай. Пасля скасавання Уніі (1839) храм стаў праваслаўным.

У в. Сычы Брэсцкага раёна яшчэ ў ХVІ ст. існавала царква Святога Духа, звесткі аб якой знаходзяцца ў «Инвентаре королевских деревень Нехолстов и Сычей, лежащих в Брестском воеводстве» за 1566 г. Па дадзеных Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці царква была пабудавана ў 1526 г. У ХVІІ альбо ў ХVІІІ стст. была пабудавана уніяцкая царква. На яе месцы ў 1822 г. памешчыкам Іосіфам Высоцкім была ўзведзена мураваная царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы.

Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца размешчаны ў цэнтры в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае дакументальнае пасведчанне аб існаванні Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Сяхновічы адносіцца да снежня 1727 г., калі згадваецца фундуш (ахвяраванне) для абнаўлення старой царквы ад пісара гарадскога брэсцкага суда Брэсцкага ваяводы Паўла Касцюшкі-Сяхнавіцкага і яго жонкі Цэцыліі. З фундушнага запісу вядома, што першая царква была ўзведзена продкамі Паўла Касцюшкі ў радавым маёнтку Сяхновічы, будавалася як уніяцкая і па каталіцкіх канонах, з часам прыйшла ў поўнае запусценне і пачала разбурацца.

Існаванне праваслаўнай царквы ўв. Парэчча вядома з дакументаў 1552 г. У ХVІІІ ст. на сродкі Агінскіх пабудавалі новую царкву. У 1866 г. у в. Парэчча Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) была пабудавана за дзяржаўны кошт (8 тыс. руб.) царква Раства Багародзіцы. Драўляны храм з адным купалам, невялікі — плошча 40 кв. сажняў. Каля 190г.у выніку пажару храм згарэў.

Першую царкву ў вёсцы Пашукі (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) у 1603 г. фундавалі Пацы. Чарговы фундуш на царкву Нараджэння Багародзіцы 20 мая 1630 г. надалі Агаф’я Багданаўна Сапежанка і жонка берасцейскага падкаморыя Паца, што вядома з пацвярджальнага фундушовага запісу ад 26 сакавіка 1764 г, зробленага ўладальнікам Пашукоў Аляксандрам Тышкоўскім. Гэта царква прастаяла 145 гадоў. Затым была пабудавана Свята-Ануфрыеўская царква, год будавання якой невядомы. Наступны царкоўны фундуш Пацы зрабілі ў 1641 г.

У вёсцы Малыя Шчытнікі Берасцейскага павета (цяпер Брэсцкага раёна) паводле архіваў у 1602 г. была праваслаўная драўляная царква. У 1742 г. быў пабудаваны касцёл з цэглы. Па гістарычных звестках касцёл пабудаваў князь Міхал Фрэдэрык Чартарыйскі (1696–1775), які ў 1738 г. набыў маёнтак Воўчын (цяпер у Камянецкім раёне) разам з фальваркам Шчытнікі.

Вёска Вылазы Парахонскага сельсавета Пінскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з 1554 г. як сяло Вылаз  (Улаз) у Пінскім княстве. З ХVІІ ст. вядома праваслаўная царква. У сярэдзіне ХVІІІ ст. — сяло ў Купяціцкай воласці Пінскага павета Берасцейскага ваяводства.

Праваслаўная царква ў вёсцы Трасцяніца Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці існавала ўжо ў 1541 г., калі ўладальнік мясцовых зямель Аляксандр Хадкевіч дараваў ёй фундуш. У 1685 г. канюшы ВКЛ Стэфан Францыск Сапега, знаходзячыся ў сваім спадчынным маёнтку Трасцяніца дараваў права на прыход святару Яну Духноўскаму, пры гэтым быў пацверджаны ранейшы дзедаўскі фундуш. З гэтага вынікае, што царква існавала не менш як 30–40 гадоў да 1685 г., але звестак пра гэты старажытны помнік не захавалася.

Свята-Прачысценская царква знаходзіцца ў цэнтры аг. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Гэта другі дзеючы праваслаўны храм Дзівіна пасля храма святой Параскевы Пятніцы (1740).

У пісьмовых крыніцах першая царква ў в. Балоты Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці згадваецца ў 1652 г. Паколькі значная частка зямель была забалочанай, яна была ўзведзена на пагорку. Генерал-губернатар М. М. Мураўёў, які паклаў канец польска-каталіцкаму дамінаванню над праваслаўнымі сялянамі, у памяць падзей 1863–1864 гг. падараваў Балоцкаму храму сярэбраны пазалочаны крыж, далейшы лёс якога, на жаль, невядомы.

Старонка 3 з 7